Штотыднёвая грамадска-палітычная газета для дзяцей і падлеткаў

 

 

Зорка “Ра”

Ты на свеце самы-самы - і прыгожы, і разумны, і вясёлы, і знаходлівы… Тады раім табе прыняць удзел у конкурсе “Зоркі “Раніцы”. Для гэтага неабходна толькі вялікае жаданне, самы прыгожы і якасны фотаздымак сваёй асобы, а таксама невялічкі аповед пра сябе любімага. Запалі ўласную зорку на “ранішнім” небасхіле, і ў цябе з'явіцца шанс атрымаць напрыканцы года ганаровае званне “Зорка “Раніцы- 2007” і першы “зорны” постэр.

Спорт у маім жыцці

На конкурс прымаюцца малюнкі ці фотаздымкі на тэмы: “Любімы від спорту”, “Спортпляцоўка нашага двара” і “Я і спорт”. Галоўныя ўмовы - дакладнасць і якасць твораў. Лепшыя з іх будуць надрукаваны на старонках газеты, а пераможцы атрымаюць прызы.

Казкі роднай мясцінкі

Гэты конкурс мы аб'яўляем адразу ў трох намінацыях: лепшае фота, лепшы верш і лепшы малюнак пра родную мясцінку.

У першай намінацыі ўдзел могуць прымаць усе, хто займаецца фатаграфіяй. Навучэнцы фотастудый, гурткоў ці проста самавукі! Хуценька бярыце ў рукі фотаапарат і здымайце ўсё, што вам падабаецца ў вашым горадзе, пасёлку, вёсцы ці сяле. Усё, што здаецца прыгожым і што, на вашу думку, варта пабачыць іншым чытачам.

Удзельнікам другой намінацыі неабходна як мага прыгажэй у вершаванай форме напісаць пра родныя мясціны.

Ну, а юным мастакам трэба адлюстраваць нейкае месца ў сваім горадзе ці сяле, якое ім найбольш даспадобы. Гэта можа быць і помнік, і архітэктурнае збудаванне, і парк, і будынак любімай школы, і нават проста прыгожы пейзаж.

Абавязковая ўмова для фотаработ и малюнкаў — дакладнасць і выразнасць. Таксама неабходна пазначыць, што адлюстравана на вашай рабоце.

Лепшы твор у кожнай намінацыі будзе надрукаваны ў газеце, а пераможцы атрымаюць цудоўныя падарункі.

Чакаем вашых работ!

220013 г.Мiнск, пр.Незалежнасці 77, Газета "Раніца"  
(017)293-87-10, 293-87-49, e-mail : rgranica@mail.ru
© Раніца 2007