Штотыднёвая грамадска-палітычная газета для дзяцей і падлеткаў

Конкурсы

Ты на свеце самы-самы - і прыгожы, і разумны, і вясёлы, і знаходлівы… Тады раім табе прыняць удзел у конкурсе “Зоркі “Раніцы”. Для гэтага неабходна толькі вялікае жаданне, самы прыгожы і якасны фотаздымак сваёй асобы, а таксама невялічкі аповед пра сябе любімага. .....падрабязней

На конкурс прымаюцца малюнкі ці фотаздымкі на тэмы: “Любімы від спорту”, “Спортпляцоўка нашага двара” і “Я і спорт”. Галоўныя ўмовы - дакладнасць і якасць твораў. Лепшыя з іх будуць надрукаваны на старонках газеты, а пераможцы атрымаюць прызы......падрабязней

Гэты конкурс мы аб'яўляем адразу ў трох намінацыях: лепшае фота, лепшы верш і лепшы малюнак пра родную мясцінку.У першай намінацыі ўдзел могуць прымаць усе, хто займаецца фатаграфіяй. Навучэнцы фотастудый, гурткоў ці проста самавукі.....падрабязней

Калі дэвіз жыцця: “Калдун - ты лепшы!”...

Роўна праз тыдзень усе мы будзем трымаць скрыжаваныя пальцы за прадстаўніка Беларусі на “Еўрабачанні- 2007” Дзмітрыя Калдуна, які ўжо сёння знаходзіцца ў Хельсінкі. Літаральна за некалькі дзён да яго адлёту ў Фінляндыю “Ра” сустрэлася з Дзімам, каб задаць некалькі пытанняў і, натуральна, пажадаць перамогі.

- Дзіма, да конкурсу застаюцца лічаныя дні, а тое, што будзе адбывацца на сцэне падчас твайго выступлення, для ўсіх дагэтуль загадка. Можа, перад ад'ездам прыадчыніш заслону тайны?

- Не магу: сакрэт. Павінна ж захоўвацца інтрыга! Аднак магу сказаць дакладна, што вы не ўбачыце мяне ў супернаварочаным касцюме ці выконваючым акрабатычныя трукі. Будуць цікавыя дэкарацыі, шмат піратэхнікі і магічнае дзеянне, змест якога трымаецца ў сакрэце, каб не ўкраў Дэвід Каперфільд. Жартую. Але да “Еўрабачання”, як высветлілася, я пачаў рыхтавацца яшчэ ў дзяцінстве, калі спрабаваў растлумачыць матулі магічнае знікненне любімых цукерак (смяецца).

- Як ты лічыш, твой прома-тур па шэрагу краінаў быў паспяховы?

 

- Паспяховы ці непаспяховы , можна будзе меркаваць толькі пасля конкурсу , калі будзе бачна , як прагаласуюць за мяне краіны , дзе я паспеў пабываць . Зараз магу толькі падзякаваць калектыву Белтэлерадыёкампаніі за арганізацыю гэтага самага прома-туру. У любым выпадку, выступленні былі не дарэмныя: шэраг краінаў знаёміліся не толькі са мной, але з Беларуссю ўвогуле.

- А якая з краінаў табе спадабалася болей за ўсё?

- Калі казаць пра тое , дзе мяне лепей сустракалі , то не магу вылучыць якую - небудзь адну дзяржаву — усюды прыём быў вельмі цёплы . Калі мець на ўвазе краіну ўвогуле, то вельмі спадабалася Грэцыя. Мо таму, што ў ёй я правёў крыху больш часу, чым у іншых, і паспеў бліжэй пазнаёміцца з Афінамі. Я ўжо падумваю над тым, каб на тыдзень-другі адправіцца туды пасля “Еўрабачання” адпачыць. Мне яшчэ Парыж спадабаўся — вельмі прыгожы горад. Але калі я гуляў па ім, усе прахожыя аглядваліся на мае парваныя джынсы. Можа, там гэта нямодна?..

- Калі б у цябе была магчымасць выбіраць, якую краіну прадстаўляць на “Еўрабачанні”, ты б выбраў Расію ці Беларусь?

- Я б ні на секунду не задумаўся: Беларусь - мая Радзіма, тут мой дом, мае родныя і сябры. Нават нягледзячы на тое, што вядомы я стаў менавіта ў Расіі. Не магу паставіць знак роўнасці паміж 20 гадамі жыцця ў Беларусі і 4 месяцамі, што правёў у Расіі.

- Чыя падтрымка на дадзеным этапе для цябе асабліва важная?

- На дадзеным этапе ўсё ж такі Філіпа Кіркорава. Я растлумачу. Цэлы год пасля “Фабрики звезд” у маім жыцці нічога не адбывалася. Былі гастролі, але творча я не развіваўся. Менавіта ён дапамог мне. Сёння можна пачуць шмат нараканняў у яго бок. Але ці многа такіх, як ён, хто гатовы дапамагаць маладым артыстам станавіцца на ногі, прычым, рабіць гэта бескарысліва? Ён сапраўдны прафесіянал, які да любой справы ставіцца з вялікай адказнасцю.

- Як лічыш, хто твой асноўны сапернік у паўфінале?

- Не ведаю нават , што адказаць , бо мэтанакіравана не слухаў песні іншых канкурсантаў , каб не засмучацца , калі ў кагосьці песня акажацца лепшай за маю , і не расслабляцца , калі мая песня будзе лепшая за іншыя . Гэта мая асабістая псіхалагічная ўстаноўка, якой прытрымліваюся яшчэ з “Фабрики звёзд”, і магу сказаць, што яна працуе.

- А ці ведаеш , што , па папярэдніх прагнозах слухачоў , ты ўваходзіш у тройку лепшых паўфіналістаў ?

- Так, пра гэта я чуў, але лічу, што прагнозы — рэч няўдзячная, таму да апошняга буду спадзявацца выключна на сябе і супакоюся толькі тады, калі дапяю на конкурсе апошнюю ноту.

- Ці не назіраецца ў цябе ў выніку такой пільнай увагі тэлебачання і газетаў прыметаў зорнай хваробы ?

- Я лічу, што не, але гэта лепей бачна тым людзям, якія знаходзяцца побач са мной, у першую чаргу членам сям'і, а з імі ў мяне праблем няма. Многія сябры на мяне крыўдзяцца: камусьці не ператэлефанаваў, з кімсьці не сустрэўся. Але гэта не таму, што я заганарыўся. Прычына выключна ў недахопе часу, асабліва ў апошнія месяцы.

- А як сям'я ставіцца да твайго новага раскладу жыцця?

- Спакойна, бо мяне і так ніколі днямі не было дома. Мы ўсе занятыя сваёй справай. Мама ў мяне вельмі ініцыятыўная, пастаянна чымсьці займаецца. Вядома ж, сумуе. Я жыву разам з братам. Ён таксама пастаянна ў раз'ездах, увесь час над чымсьці працуе. Так што мы цалкам разумеем і падтрымліваем адзін аднаго.

- Няцяжка здагадацца аб тваёй сённяшняй мары ...

- Кажуць, што нельга расказваць іншым свае мары, бо не спраўдзяцца. Але гэта не пра мяне. Я перакананы, што амаль кожны, хто хоць мелькам сочыць за музычным жыццём, зможа адказаць на пытанне: “Аб чым марыць Дзмітрый Калдун?”. Сапраўды, я мару гадоў праз сорак дзе-небудзь на віле ў Маямі расказваць сваім унукам пра перамогу на “Еўрабачанні- 2007” . Калі ж мець на ўвазе найбліжэйшы час, то хачу на “Еўрабачанні” спець сваю песню тры разы: у паўфінале, у фінале і ў якасці пераможцы. Але калі давядзецца спець два разы - таксама буду задаволены.

- Што, на тваю думку, дапамагло табе стаць вядомым артыстам?

- Некаторыя лічаць, што “Фабрика звезд” ці Кіркораў. Безумоўна, гэта таксама. Але ў мяне ёсць вельмі карысныя рысы характару, якія ўсё ж такі адыгрываюць вялікую ролю ў станаўленні мяне як артыста. Я ведаю многіх людзей, якія ніколі не прачнуцца на паўгадзіны раней, каб прыйсці на інтэрв'ю. Калі мне патрэбна, я магу і ў пяць гадзінаў раніцы прачнуцца, хаця вельмі люблю паспаць. Думаю, гэта мне вельмі дапамагае.

Гутарыла Марына ПЫРКОВА

Даведка “Ра”

Дзмітрый Калдун нарадзіўся 11 чэрвеня 1985 года ў Мінску.

У 2002 годзе з сярэбраным медалём скончыў мінскую гімназію №12 і паступіў на хімічны факультэт БДУ.

У 2004 трапіў у трыццатку праекта тэлеканала “РТР” “Народный артист-2”, удзельнічаў ў фінале праекта Аляксандра Ціхановіча “Зорны дыліжанс”.

У 2004-2005 гадах працаваў у Нацыянальным канцэртным аркестры Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Міхаіла Фінберга ў складзе студыі “Гран-пры”.

Прымаў удзел у фестывалях “Маладзечна-2005” і “Славянскі базар у Віцебску”.

Пасля перамогі ў “Фабрике звезд-6” Калдун гастраляваў з іншымі ўдзельнікамі па гарадах Расіі і СНД.

Дэвізам свайго жыцця лічыць лозунг: “Калдун - ты лепшы!”.

220013 г.Мiнск, пр.Незалежнасці 77, Газета "Раніца"  
(017)293-87-10, 293-87-49, e-mail : rgranica@mail.ru
© Раніца 2007