Штотыднёвая грамадска-палітычная газета для дзяцей і падлеткаў

Конкурсы

Ты на свеце самы-самы - і прыгожы, і разумны, і вясёлы, і знаходлівы… Тады раім табе прыняць удзел у конкурсе “Зоркі “Раніцы”. Для гэтага неабходна толькі вялікае жаданне, самы прыгожы і якасны фотаздымак сваёй асобы, а таксама невялічкі аповед пра сябе любімага. .....падрабязней

На конкурс прымаюцца малюнкі ці фотаздымкі на тэмы: “Любімы від спорту”, “Спортпляцоўка нашага двара” і “Я і спорт”. Галоўныя ўмовы - дакладнасць і якасць твораў. Лепшыя з іх будуць надрукаваны на старонках газеты, а пераможцы атрымаюць прызы......падрабязней

Гэты конкурс мы аб'яўляем адразу ў трох намінацыях: лепшае фота, лепшы верш і лепшы малюнак пра родную мясцінку.У першай намінацыі ўдзел могуць прымаць усе, хто займаецца фатаграфіяй. Навучэнцы фотастудый, гурткоў ці проста самавукі.....падрабязней

“Зялёным завецца разумнае спажыванне”

Напрыканцы красавіка на базе сталічнай сярэдняй школы №222 прайшоў VI Рэспубліканскі конкурс-фестываль “Асновы спажывецкіх ведаў” сярод навучэнцаў 8-11 класаў агульнаадукацыйных устаноў, у якіх вядзецца выкладанне аднайменнага курсу. Арганізатарамі конкурсу выступіла Грамадскае аб'яднанне “Беларускае таварыства абароны спажыўцоў” сумесна з Міністэрствам адукацыі. Конкурс быў распачаты ў дні вясенніх канікулаў, розныя яго этапы прайшлі ў гарадах і раёнах рэспублікі. На месцах былі вызначаны пераможцы - каманды Жодзіна, Гомеля, Ваўкавыска, Брэста, Свіслачы (Мінскі раён), Мінска, а таксама Маладзечанскага і Барысаўскага раёнаў, якія прадставілі сваю каманду на рэспубліканскім конкурсе.

Мэтай правядзення конкурсу-фестывалю з'яўляецца прававая адукацыя, фарміраванне спажывецкай культуры моладзі, развіццё нестандартных форм адукацыйнага працэсу. Удзельнікі конкурсу-фестывалю павінны былі паказаць веданне заканадаўчых і нарматыўна-прававых актаў, якія датычаць абароны правоў і інтарэсаў спажыўцоў, прадставіць сваё разуменне і бачанне канцэпцыі спажывання прадуктаў, вытворчасць якіх не наносіць шкоды навакольнаму асяроддзю і здароўю чалавека, іншым словам, прадуктаў, “дружалюбных” да навакольнага асяроддзя.

- Адметнай асаблівасцю конкурсу, які праходзіў у гэтым годзе, стала шырокая геаграфія яго ўдзельнікаў. У працэс вывучэння асноў спажывецкіх ведаў уцягнута шмат вясковых школаў, каманды якіх годна спаборнічалі з вопытнымі, масцітымі камандамі. Сёлета шмат навічкоў сваімі цікавымі прыдумкамі і праграмамі перамаглі былых прызёраў не толькі гарадскіх і раённых конкурсаў, але і рэспубліканскіх, і выйшлі ў фінал, — адзначыла старшыня Грамадскага аб'яднання “Беларускае таварыства абароны спажыўцоў” Ганна Уладзіміраўна Суша.

Гарадскія і раённыя конкурсы, якія прайшлі напярэдадні, паказалі, што нельга “почивать на лаврах”, а неабходна шукаць новыя і цікавыя конкурсныя праграмы, нестандартныя падыходы да прадстаўлення сваёй каманды ў асобных намінацыях.

VI Рэспубліканскі конкурс-фестываль “Асновы спажывецкіх ведаў” праходзіў па некалькіх намінацыях: “Міні-алімпіяда”, “Візітная картка”, “Гарачая лінія” і конкурс дамашняга задання “Зялёнае спажыванне”.

У рамках конкурсу-фестывалю праводзіўся конкурс творчых работаў на тэму “Зялёнае спажыванне”. На працягу 10 дзён пасля гарадскога (або раённага) этапу каманды-пераможніцы рыхтавалі і прадстаўлялі работы аргкамітэту рэспубліканскага этапу. У выніку журы VI Рэспубліканскага конкурсу-фестывалю адабрала лепшыя творы, якія атрымалі спецыяльныя ўзнагароды. Гэта “Запаветная зямля”, аўтары якой навучэнцы гімназіі №1 г.Жодзіна і “ЕСО” - стыль жыцця!”, аўтары - навучэнцы гімназіі №51 бізнесу і права г.Гомеля.

Дэманструючы свае “візітныя карткі”, каманды знаёмілі журы, удзельнікаў конкурсу і гасцей мерапрыемства з той школай, раёнам або горадам, якія яны прадстаўлялі. А “працуючы” на “гарачай лініі”, школьнікі павінны былі за некалькі хвілінаў знайсці ва ўласнай галаве поўны і правільны адказ на дзве прапанаваныя спажывецкія сітуацыі.

Дарэчы, задачы былі не з лёгкіх. Камусьці, напрыклад, неабходна было прыгадаць, якім чынам пазначаюцца тэрміны прыгоднасці прадуктаў. Так, калі на ёгурце пазначана дата “24.05.07”, то гэта зусім не значыць, што ёгурт неабходна ўжыць да 24 мая 2007 года. Не здагадваецеся, чаму? Затое камандзе з Ваўкавыска пытанне не падалося складаным. Трэба проста ведаць, што ёгурт - прадукт, які хутка псуецца. Таму на яго ўпакоўцы абавязаны ставіць гадзіну заканчэння тэрміну прыгоднасці. Вось і выходзіць, што першая лічба абазначае гадзіну, другая і трэцяя - дзень і месяц. Значыць, дадзены ёгурт нельга ўжываць пасля 24 гадзінаў 5 ліпеня.

Можна не сумнявацца, што дзяўчаты з мінскай каманды будуць акуратна прымяраць новыя пальчаткі. Бо ім добра вядома, што гэты тавар уваходзіць у пералік рэчаў, якія не падлягаюць звароту або абмену (як ніжняя бялізна, шкарпэткі і г.д.).

Але, бадай, самым захапляльным стаў конкурс дамашняга задання “Зялёнае спажыванне”. Як адзначылі рабяты з Ваўкавыска, “зялёным” завецца разумнае спажыванне”. Не наносіць шкоду навакольнаму асяроддзю і ўласнаму здароўю заклікалі са сцэны юныя знаўцы асноў спажывецкай культуры, паказваючы тэатральныя мініяцюры з перакладзенымі эстраднымі песнямі. “Калі мы не выратуем свет, ён загубіць нас!”, “Ничего на свете лучше нету, чем беречь любимую планету”, “Сняданак з'еш сам, абед падзялі з сябрам, чыпсы аддай ворагу” - выдатныя слоганы выдавала свядомая моладзь.

Пасля конкурснай праграмы эстрадныя нумары з песнямі, танцамі і тэатралізаванымі мініяцюрамі паказалі вучні СШ №222 г.Мінска і рабяты з каманды Маладзечанскага раёна. А журы ў гэты час падводзіла вынікі конкурсу-фестывалю.

- Праводзіцца шмат розных конкурсаў, алімпіядаў, але самым дарагім і блізкім для ўдзельнікаў спажывецкага руху з'яўляецца конкурс “Асновы спажывецкіх ведаў”. На сённяшні дзень пройдзены шэсць прыступак. Часам кожная з іх здавалася дзесяцігоддзем, бо там былі і горыч расчараванняў і радасць перамогаў. Навучаючы рабятаў, наша маладое пакаленне, асновам спажывецкай адукаванасці, мы рэалізуем права, прадастаўленае законам аб абароне правоў спажыўцоў, - патлумачыла Ганна Уладзіміраўна місію дадзенага мерапрыемства.

Па выніках VI Рэспубліканскага конкурсу-фестывалю “Асновы спажывецкіх ведаў”, бясспрэчную перамогу заваявала мужчынская каманда з Брэста. На другім месцы апынуліся дзяўчаты з Мінска (дарэчы, і ў мінулым годзе гэтым прадстаўніцам прыгожай, а галоўнае, разумнай паловы, пакарылася другая прыступка). На трэцім месцы — каманда з Маладзечанскага раёна. Усе астанія атрымалі дыпломы ўдзельнікаў фестывалю. Асобна ўзнагароджваліся рабяты ў намінацыі “Міні-алімпіяда” — прыз атрымалі прадстаўнікі Барысаўскага раёна. Спецыяльны прыз ад ГА “Беларускае таварыства абароны спажыўцоў” быў уручаны Вользе Кудрыцкай (г.Жодзіна). Узнагароду ў намінацыі “Візітная картка” атрымала каманда г.Жодзіна.

Акрамя дыпломаў і прызоў рабяты атрымалі салодкія падарункі ад кампаніі “Анега”.

Юлія ЦІХАНОВІЧ

220013 г.Мiнск, пр.Незалежнасці 77, Газета "Раніца"  
(017)293-87-10, 293-87-49, e-mail : rgranica@mail.ru
© Раніца 2007