 |
Нестандартная” алімпіяда Хто лепей ведае “Word” і “Photoshop”?
Нядаўна ў Віцебскай вобласці ўпершыню прайшла дыстанцыйная навучальная алімпіяда па інфармацыйных тэхналогіях. 82 каманды, складзеныя з вучняў 6-11 класаў - заўзятых аматараў камп'ютэраў і іх дарослага каардынатара - настаўніка інфарматыкі ці адміністратара школьнай лакальнай сеткі - спаборнічалі ў розных конкурсах за права называцца найлепшымі знаўцамі сучасных інфармацыйных тэхналогій. Арганізатарам алімпіяды стаў аддзел камп'ютэрных тэхналогій і тэхналагічнага забеспячэння Віцебскага абласнога інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў работнікаў сістэмы адукацыі. Але ідэя віцебскіх спецыялістаў кардынальна адрознівалася ад правілаў правядзення традыцыйнай рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы. Чаго варты, напрыклад, раўнапраўны тандэм вучняў і настаўнікаў, якія не проста назіралі за работай сваіх выхаванцаў, але таксама прыносілі камандзе каштоўныя ачкі. Дыстанцыйная алімпіяда складалася з трох этапаў. Першы - навучальны: удзельнікаў камандаў знаёмілі з пытаннямі і заданнямі па тэматыцы спаборніцтва, якія яны разбіралі, але не высылалі на праверку. Паколькі алімпіяда праводзілася ўпершыню, канкурсантаў трэба было спачатку ўвесці ў курс справы, каб потым яны не разгубіліся на самых важных этапах.
|
Каманды выконвалі тэст па інфармацыйных тэхналогіях з 80-ці пытанняў, узнаўлялі тэкст, выкарыстоўваючы магчымасці графікі тэкставага рэдактара “Word”, стваралі вектарны малюнак, па ўзоры фармаціравалі тэкст. Другі тур быў непасрэдна конкурсны. Падчас яго каманды атрымлівалі заданні, рашалі іх і высылалі на суд журы. Адказнасць за балы на трэцім, метадычным, этапе ляжала на плячах дарослых кіраўнікоў камандаў: педагогі атрымлівалі метадычныя заданні па інфармацыйных тэхналогіях і выконвалі іх на адзнаку.
Ёлачная цацка ў “Фоташопе” і калаж роднага краю
Напэўна, самыя цікавыя заданні прапанаваліся ўдзельнікам на конкурсным і метадычным этапах. Для разміначкі вучні выконвалі ўжо гатовыя тэсты, а кіраўнікі камандаў распрацоўвалі заданні па адной з тэмаў базавага курса інфарматыкі. Прычым педагогам, якія прадстаўлялі адразу некалькі камандаў, прыйшлося папацець і падрыхтаваць столькі ж распрацовак. Потым рабяты дэманстравалі выдатныя навыкі работы ў тэкставым рэдактары “Word”, а настаўнікі распрацоўвалі ўрок інфарматыкі для 6 класа па тэме “Работа з відэафайламі”. У новым конкурсе, дзе прапанаваліся задачы эканамічнага характару, на дапамогу вучням прыйшоў таблічны рэдактар “Excel”, прычым юным камп'ютэршчыкам патрэбна было выкарыстаць самыя розныя метады рашэння. Кіраўнікі ж засяродзіліся на распрацоўцы курса па выбары для 11-12 класаў.
Акрамя камп'ютэрных ведаў, дыстанцыйная алімпіяда запатрабавала ад удзельнікаў яшчэ і творчага мысленння. У шостым туры каманды выконвалі заданні з выкарыстаннем праграмы “Adobe Photoshop”: малявалі ёлачную цацку, ды не проста адвольную, а як мага болей падобную на прапанаваны ўзор, стваралі калаж на тэму “Мой родны кут, як ты мне мілы!”, дзе выкарыстоўвалі прыгожыя фотаздымкі славутасцяў Віцебска і сваіх раённых цэнтраў. А ў заключным конкурсе рабілі прэзентацыі сваіх камандаў.
Цікава, што журы вырашыла падвесці вынікі асобна сярод гарадскіх і сельскіх камандаў. Вядома, усе рабяты і педагогі стараліся аднолькава, проста часам іх стартавыя тэхнічныя і праграмныя магчымасці значна адрозніваюцца. І, напэўна, такая прапанова журы была сапраўды справядлівая. Лідэрамі сярод гараджанаў сталі каманды сярэдніх школаў №36 і №4 горада Віцебска, школы №3 Верхнядзвінска і полацкай гімназіі №1. Пераможцы ў “сельскай” групе размеркаваліся наступным чынам: каманды Арэхаўскай сярэдняй школы Аршанскага раёна, Пальмінскай сярэдняй школы Гарадоцкага раёна, Веляшковіцкай сярэдняй школы і Пушкоўскай сярэдняй школы-сада Лёзненскага раёна.
Арганізатары дыстанцыйнай алімпіяды пераканаліся, што такі цікавы рознапланавы праект вельмі спадабаўся ўдзельнікам. А гэта значыць, ёсць неабходнасць удзяляць увагу не толькі правядзенню “стандартных” алімпіядаў па інфарматыцы, дзе выкарыстоўваюцца мовы праграміравання і складаныя заданні з алгарытмамі, але і праводзіць конкурсы для “прасунутых” карыстальнікаў камп'ютэраў - рабятаў, якія вывучаюць базавы курс інфарматыкі ў школе і проста для сябе цікавяцца інфармацыйнымі тэхналогіямі. Яшчэ адзін плюс спаборніцтва ў віцебскім варыянце - “дыстанцыйнасць”, якая дазваляе пазбавіцца многіх матэрыяльных затратаў, што ўзнікаюць пры арганізацыі алімпіяды з “рэальным” удзелам. Ну, а што датычыцца мэтаў і карысных вынікаў, то тут, як кажуць, арганізатары выйгралі на ўсе сто. У тым, што алімпіяда дапамагае ў папулярызацыі інфармацыйных тэхналогій, навукі і інавацый у педагогіцы, развіцці цікавасці вучняў да інфарматыкі і іх матывацыі да атрымання ведаў, больш эфектыўным выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе і павышэнні кваліфікацыі настаўнікаў, сумнявацца наўрад ці прыходзіцца.
Першы вопыт аказаўся ўдалы, і ўдзельнікі алімпіяды ўжо далі згоду праз год ізноў памерацца сіламі на чарговым дыстанцыйным спаборніцтве па інфармацыйных тэхналогіях, магчыма, у нейкім новым, але не меней цікавым фармаце.
Вікторыя СІНІЧКІНА
|