Штотыднёвая грамадска-палітычная газета для дзяцей і падлеткаў

Конкурсы

Ты на свеце самы-самы - і прыгожы, і разумны, і вясёлы, і знаходлівы… Тады раім табе прыняць удзел у конкурсе “Зоркі “Раніцы”. Для гэтага неабходна толькі вялікае жаданне, самы прыгожы і якасны фотаздымак сваёй асобы, а таксама невялічкі аповед пра сябе любімага. .....падрабязней

На конкурс прымаюцца малюнкі ці фотаздымкі на тэмы: “Любімы від спорту”, “Спортпляцоўка нашага двара” і “Я і спорт”. Галоўныя ўмовы - дакладнасць і якасць твораў. Лепшыя з іх будуць надрукаваны на старонках газеты, а пераможцы атрымаюць прызы......падрабязней

Гэты конкурс мы аб'яўляем адразу ў трох намінацыях: лепшае фота, лепшы верш і лепшы малюнак пра родную мясцінку.У першай намінацыі ўдзел могуць прымаць усе, хто займаецца фатаграфіяй. Навучэнцы фотастудый, гурткоў ці проста самавукі.....падрабязней

Дзе шукаць добры настрой? Спытайце ў БУФФані!

Напрыканцы сакавіка ў Мінску праходзіў фестываль творчай моладзі “Свабоднае мастацтва”. Ён, як заўсёды, сабраў шмат стваральнікаў незвычайных тэатралізаваных паказаў. Але гран-пры фестывалю па заслугах дастаўся клоун-мім-тэатру “БУФФ”, які дзейнічае на базе Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Маяк”.

Кіруе тэатрам клаунады Дзмітрый Машко. І паказ пад назвай “Бясконцасць”, які дапамог “буфаўцам” заваяваць гран-пры, быў пастаўлены менавіта па яго сцэнарыі. - Мы вельмі шмат працавалі дзеля таго, каб нас заўважылі, — расказвае Дзмітрый Іванавіч, - і вось, нарэшце, атрымалі гран-пры. Шчыра кажучы, раней, дый зараз, ніякае журы не ведае, як нас узнагароджваць. Аказваецца, справа ў тым, што клоуны павінны дэманстраваць звычайныя цыркавыя паказы, а “буфаўцы” выступаюць перад публікай з цікавымі, прафесійна падрыхтаванымі спектаклямі. Прычым, сцэнарыямі, пастаноўкай займаюцца менавіта Дзмітрый Іванавіч і яго выхаванцы.

- Мы прывыклі рабіць усё самастойна, - дзеліцца Дзмітрый Іванавіч, — некаторыя сюжэты будучых твораў прыдумваю я сам. “Нарыхтовак” шмат яшчэ з тых часоў, калі я толькі марыў прафесійна заняцца тэатрам - і зараз мы проста ўвасабляем мае задумкі. Некаторыя сюжэты будучых спектакляў прыдумваюць дзеці і, прызнацца, робяць гэта на даволі прафесійным узроўні.

Ніякіх абмежаванняў ні па ўзросце, ні па выглядзе для рабятаў, што жадаюць займацца ў студыі, няма. Галоўнае, каб будучы акцёр-клоун адчуваў сябе патрэбным і ведаў, што гэты занятак яму насамрэч неабходны, — але зусім не дзеля таго, каб стаць зоркай, а каб ад шчырага сэрца дарыць людзям радасць.

- Мае дзеці разумеюць, што быць зоркай — гэта добра, але ведаюць, што падхапіць “зорную хваробу” вельмі небяспечна. У выпадку “захворвання”, я лічу, патрэбна правесці невялічкую прафілактыку: проста апусціць дзіця на патрэбны ўзровень (але не прынізіць!), паказаць, наколькі важна ў моманты ўсеагульнай пашаны не спыняцца на дасягнутым, а рухацца наперад.

Кожная група тэатра клаунады займаецца 2 разы на тыдзень. Усяго пад наглядам Дзмітрыя Іванавіча 3 групы: першага года навучання, падрыхтоўчая, а ёсць і такія, для каго тэатр амаль што прафесія. Кожны з маладых акцёраў-клоунаў павінен прайсці курс навучання, складзены ў адпаведнасці з патрабаваннямі сапраўдных прафесійных акцёраў.

- Праграма навучання была мною распрацавана ўжо даўно, - дзеліцца галоўны акцёр-клоун. - На першым годзе навучання дзеці павінны авалодаць не толькі сцэнічнай мовай, але і акцёрскім майстэрствам, майстэрствам клоуна, пластыкай, мастацтвам грыму. Другі год навучання ўключае ў сябе выступленні, ну, а потым дзеці праходзяць паўпрафесійную падрыхтоўку, удасканальваючы свае навыкі падчас выступленняў перад публікай.

Пажаданы ўзрост выхаванцаў тэатра вагаецца ў межах ад 14 гадоў і вышэй. Лічыцца, што менавіта ў гэтым узросце дзеці пачынаюць разумець свае ролі, усведамляць, для каго і з якой мэтай яны працуюць.

- Да нас заўжды прыходзяць таленавітыя дзеці, - дзеліцца кіраўнік “БУФФа”, - і яны раскрываюць свой талент, не баяцца паўстаць перад публікай клоунамі. Клоун - гэта амаль той жа акцёр, толькі з іншым светаўспрыманнем. Іван Кузьмянок і Вераніка Бортнік гэта зразумелі. Яны малайцы. Наша студыя імі вельмі ганарыцца.

Доказамі выдатнай працы жыхароў казачнай краіны-студыі “БУФФ” з'яўляюцца шматлікія ўзнагароды, атрыманыя на фестывалях і конкурсах. На творчым рахунку - граматы за ўдзел у раённым і гарадскім фестывалях тэатральных і лялечных калектываў і інш. Акрамя таго, кіраўнік “БУФФа” Дзмітрый Машко таксама неаднаразова ўзнагароджваўся на конкурсах прафесійнага майстэрства, а зусім нядаўна атрымаў грамату за вялікі ўклад у развіццё творчага патэнцыялу падрастаючага пакалення.

- Усе нашы граматы - вынік сумеснай плённай працы, - тлумачыць Дзмітрый Іванавіч. - Дзякуй дзецям, якія заўжды побач і гатовыя рухаць нашу творчасць наперад. Без сумесных намаганняў у нас наўрад ці атрымалася б нешта.

Зараз тэатр працуе над новай пастаноўкай “Апакаліпсіс душы”. Будзем спадзявацца, што ўсё атрымаецца. Таму што ў творчых і ўлюбёных ў сваю справу людзей па-іншаму быць проста не можа.

Наталля ДУБІК

P.S. Знаходзячыся ў гасцях у “БУФФе”, я звярнула ўвагу на клоуна, што вісеў на сцяне. Аказваецца, гэта талісман навучэнцаў клоун-мім-тэатра. І завуць яго БУФаня. Ён суправаджае сваіх рабятаў на ўсіх выступленнях і, відаць, дапамагае ім станавіцца лепшымі і нават непараўнальнымі ў сваім нялёгкім рамястве.

220013 г.Мiнск, пр.Незалежнасці 77, Газета "Раніца"  
(017)293-87-10, 293-87-49, e-mail : rgranica@mail.ru
© Раніца 2007