Толькі ён ведае, чаго каштуе кожная ўзнагарода Мікалай Цярэнцьевіч Буліцкі не любіць гаварыць пра вайну. Ён прайшоў яе ўсю з першага да апошняга дня, тысячы кіламетраў... Ардэнаносец! Але калі заходзіць гаворка пра вайну, ён вельмі нешматслоўны. Надта многа было раненняў і страт, каб ветэрану хацелася перажываць гэта зноў і зноў.
- Што я магу расказваць? Калі б то быў нейкі асобны эпізод... Але ж я прайшоў усю вайну. З фронту - у шпіталь, пасля - зноў на фронт... І так да Берліна. Вы сапраўды хочаце, каб я ўсё гэта расказваў?
Іншая справа - перамога, пасляваенныя гады, мірны час... Мікалай Цярэнцьевіч задаволена акідвае позіркам свой квітнеючы сад, запрашае прысесці побач з ім на лаўку пад бялюткай вішняй і паслухаць птушак, якія бязбоязна круцяцца побач. Гэта - вясна, май! Месяц, які заўсёды павінен нагадваць нам пра тую Вялікую Перамогу і пра людзей, якія яе здабывалі...
У далёкім 1937 годзе Мікалай Цярэнцьевіч Буліцкі скончыў Мінскі фізкультурны тэхнікум і прыехаў працаваць у родную Мачаскую школу, што ў Бярэзінскім раёне, з дыпломам настаўніка, а таксама мноствам жыццёвых і прафесійных планаў. Паступова ён абсталёўваў спартыўныя пляцоўкі вакол школы, далучаў да спорту школьнікаў і моладзь і чакаў прызыву ў армію. Раптам высветлілася, што яго, як самага малодшага сына з мнагадзетнай сям'і, і не збіраліся прызываць. Тады Мікалай Цярэнцьевіч угаварыў бацькоў, каб яны напісалі заяву і дазволілі яму паслужыць радзіме.
Ён пайшоў у армію ў 1939 годзе, а праз два гады пачалася вайна. У першым жа баі Мікалай Цярэнцьевіч быў паранены і трапіў у шпіталь. Пасля папраўкі вырашыў пайсці на курсы танкістаў і ў хуткім часе ўжо кіраваў баявой машынай.
У складзе 3-й танкавай арміі Мікалай Цярэнцьевіч фарсіраваў Днепр, вызваляў Кіеў, Прагу, дайшоў да Берліна. Ён быў неаднаразова паранены, гарэў у танку, але кожны раз пасля шпіталя вяртаўся на фронт. Дадому вярнуўся толькі ў жніўні 1946 года.
Мікалай Цярэнцьевіч не расказвае падрабязнасці свайго цяжкога ваеннага жыцця, але пра многае гавораць яго ўзнагароды: ордэн Чырвонай Зоркі, ордэны Айчыннай вайны I і II ступені, шматлікія баявыя медалі. І толькі адзін ён ведае, чаго каштуе кожная з іх.
Пасля вайны Мікалай Цярэнцьевіч яшчэ многа гадоў працаваў у Мачаскай школе: выкладаў фізічную культуру, ваенную падрыхтоўку, кіраваў стралковым гуртком. Вялікім здабыткам мірнага жыцця ён лічыць і сваю сям'ю. З жонкай Людмілай Якаўлеўнай, таксама настаўніцай, яны разам ужо амаль паўстагоддзя.
Нядаўна Мікалаю Цярэнцьевічу Буліцкаму споўнілася 90 гадоў. Вядома ж, ён даўно на пенсіі, але і для былых вучняў, і для аднавяскоўцаў ён дагэтуль з'яўляецца прыкладам інтэлігентнасці, мужнасці, сціпласці і вялікай чалавечай мудрасці.
Галіна СІДАРОВІЧ
|