“Млын моды” не абышоўся без навучэнцаў прафтэхустаноў У першыя майскія дні ў Мінскім Палацы прафсаюзаў праходзіў Міжнародны фестываль “Млын моды”, у якім прынялі ўдзел маладыя дызайнеры з прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў.
Як расказаў адзін з арганізатараў гэтага грандыёзнага форуму, знакаміты мадэльер Саша Варламаў, “Млын моды” ўжо каторы год даказвае, што ў Беларусі ёсць таленавітыя дызайнеры, якія маюць права паказваць сваё мастацтва на міжнароднай арэне.
Сапраўды, можа, нам задумацца над тым, ці трэба шукаць гэту летуценніцу-моду дзесьці далёка? Прыгледзімся: яна жыве побач з намі, народжаная цудоўнымі майстрамі.
У сваім каментарыі нашай газеце Таццяна Іванаўна Кушэль, начальнік арганізацыйна-масавага аддзела Рэспубліканскага Дома навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі, расказала, што дзесяткі калекцый прадставілі на “Млын моды” выхаванцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У першы дзень адбылося выступленне тэатра моды “Вітэ Брэвіс” Маладзечанскага політэхнічнага прафесійнага ліцэя. Былі прадэманстраваны дзве калекцыі адзення з элементамі народнага стылю — “Куфэрак” і “Славяначка”. Аўтарамі калекцый з'яўляюцца Ніна Руновіч, Наталля Юркевіч і Марыя Ягіловіч. Калекцыя “Куфэрак” перамагла ў Х адкрытым конкурсе мадэльераў і дызайнераў і конкурсе “Планета мод” абласнога этапу V Рэспубліканскага фестывалю дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў і работнікаў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі “Беларускі вянок”.
“Млын моды- 2008” быў прысвечаны ХХ стагоддзю, яго тэндэнцыям, адкрыццям, творчым кірункам. Кожны мадэльер імкнуўся паказаць у сваёй калекцыі стыль адзення таго часу, але з элементамі сучаснасці. Назвы работ гаварылі самі за сябе: “Гуляй, масленіца” Іны Бажко і Наталлі Ельчышчавай з Мінскага прафесійна-тэхнічнага каледжа швейнай прамысловасці, “Парыў дыхання” Ларысы Байчук з Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання, “Ну і штучкі” Маргарыты Буднік з Гродзенскага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці, “2 В” Вольгі Лаўрыновіч і Юліі Падаляк з Віцебскага тэхналагічнага каледжа, “Акцэнт” Хрысціны Буйневіч з Гомельскага прафесійна-тэхнічнага вучылішча № 230, “Татава калекцыя” Яўгеніі Краўцовай з Магілёўскага тэхналагічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа. Як бачна, у такім прэстыжным фестывалі ўдзельнічалі прадстаўнікі не толькі сталіцы, але і ўсіх абласцей нашай краіны. Многім пашанцавала яшчэ больш: некаторыя калекцыі былі адабраны для паказу на фестывалях моды ў іншых краінах.
Ала КЛЮЙКО |