Нашы выданні : «Ранiца»   «Бярозка» 

Не хутчэй, чым ляціць анёл

V гульні сярод каманд КВЗ юных інспектараў дарожнага руху Мінскай вобласці адбыліся на мінулым тыдні на базе Нацыянальнага дзіцячага аздараўленчага лагера “Зубраня”. Самымі вясёлымі і знаходлівымі ў спаборніцтвах паказалі сябе школьнікі з Нясвіжскага раёна.

Змэтай прапаганды здаровага ладу жыцця, папярэджання дарожна-траспартнага траўматызму і прыцягнення большай колькасці школьнікаў да ўдзелу ў руху юных інспектараў у Мінскай вобласці ўжо чацвёрты раз праводзяцца гульні КВЗ ЮІР. Падчас іх школьнікі ў гумарыстычнай форме паказваюць сваё веданне правілаў дарожнага руху, распавя­даюць пра ўзаемаадносіны “школьнік - міліцыянер”, развіваюць свае крэатыўныя здольнасці, вынаходзячы, напрыклад, новыя дарожныя знакі, - адным словам, у лёгкай і ненадакучлівай форме разважаюць пра сур'ёзныя праблемы. Дарэчы, некаторыя нумары з праграм КВЗ юных інспектараў уваходзяць у праграмы агітбрыгад, якія распаўсюджваюць веды пра бяспеку на дарозе ў раёнах.

Абласное спаборніцтва, арганізаванае ўпраўленнем адукацыі і ўпраўленнем ДАІ УУС Мінскага аблвыканкама, стала выніковым для шасці каманд - пераможцаў раённых і занальных конкурсаў. Гэтыя каманды ўдзельнічалі ў чатырох спаборніцтвах пад дэвізам “Маладому пакаленню - бяспечны дарожны рух!”.

“Вы думаеце, мы будзем жартаваць? Жарты - убок! Дарогі ў небяспецы, час выпраўляць становішча!” - так пачала сваё выступленне каманда Мінскага раёна, якая пасля гэтага, здавалася б, зусім невясёлага папярэджання пачала “дзеля кантрасту” сыпаць жартамі. Выступленне кожнай з каманд адрознівалася яркімі, цікавымі знаходкамі. Са сцэны пра дарожную небяспеку паведаміла Верка Сярдзючка са Старых Дарог, крупскі Дзіма Білан прайшоў стажыроўку ў інспектара ДАІ, крупскія дзяўчаты з “ВіаГры” праспявалі пра карысць флікераў, а мядзельскі Астап Бэндэр быў надзвычай пераканаўчы ў сваім жаданні зрабіць так, каб на дарогах не гінулі дзеці. Каманда з Уздзенскага раёна прапанавала новае бачанне старых дарожных знакаў, а нясвіжцы праспявалі песню, сюжэт якой цалкам быў пабудаваны на знаках, што рэгулююць рух.

Нясвіжская каманда выступіла з прапановай увесці новы дарожны знак “Варонам не месца на дарозе”, а старадарожскія школьнікі намалявалі эскіз знака “Едзь не хутчэй, чым ляціць твой анёл” - такое рашэнне прапанавалі школьнікі падчас задання-конкурсу “Фантазёры дарог”, калі камандам было прапанавана прадставіць у творчай форме знакі, якія не існуюць, але неабходны для бяспекі ўдзельнікаў дарожнага руху.

У выніку спаборніцтваў трэцяе месца заняла каманда Мядзельскага раёна, другое - Мінскага, а пераможцамі сталі нясвіжцы, якія па суме балаў аказаліся самымі знаходлівымі і пераканаўчымі.

Кіраўнік гуртка КВЗ ЮІР школы
№ 4 Нясвіжа Жанна Уладзіміраўна Скачко расказала, што такую форму работы, як гульні КВЗ юных інспектараў руху, яны выкарыстоўваюць ужо чатыры гады. Да перамогі каманда ішла паступова, атрымала першае месца на раённых спаборніцтвах, у мінулым годзе ў абласным конкурсе заняла трэцяе месца. Дзеці ў гуртку не проста рыхтуюцца да конкурсаў, яны працуюць пастаянна: агітбрыгада са сваёй праграмай наведвае іншыя школы, прапагандуючы правілы дарожнага руху. Каманда вельмі яркая, кожны яе ўдзельнік не толькі ведае правілы дарожнага руху, але і ўмее іх прыгожа і ў даступнай форме па­даць. Матэрыял для выступленняў пастаянна абнаўляецца, удзельнікі каманды адсочва­юць усе навіны, што тычацца названай тэматыкі, падбіра­юць новыя эстрадныя песні для выступленняў КВЗ. Школьнікі, якія ўжо выхо­дзяць з узросту, у якім дазваляецца ўдзельнічаць у спаборніцтвах КВЗ юных інспектараў руху (17 гадоў), працягваюць гэтую справу (калі яна сапраўды ім падабаецца) у клубе юных сяброў міліцыі.

Як адзначылі арганізатары спаборніцтваў, у выніку такіх мерапрыемстваў у школьнікаў фарміруецца культурны і эстэтычны густ, а правілы яны запамінаюць з лёгкасцю і прыемнасцю.

Марыя БАРДАШУН

 

© Настаўніцкая газета 2008