Нашы выданні : «Ранiца»   «Бярозка» 

Гарачая лінія дапамогі

Пры Наваполацкім гарадскім камітэце БРСМ працуе гарачая лінія па аказанні адраснай дапамогі ветэранам і інвалідам Вялікай Айчыннай вайны, а таксама ветэранам працы. Актывісты гарадской арганізацыі, у асноўным гэта навучэнцы ССНУ і ПТНУ Наваполацка, а таксама студэнты Полацкага дзяржаўнага універсітэта аказваюць дапамогу ветэранам, якія за ёй звярнуліся. Маладыя людзі выконваюць разнастайныя віды работ: прыбіраюць у кватэрах, добраўпарадкоўваюць прысядзібныя ўчасткі і г.д.

Гарачая лінія працуе штодзённа, заяўкі ад ветэранаў прымаюць з 10 да 12 гадзін. Як расказала выконваючы абавязкі першага сакратара Наваполацкага гарадскога камітэта БРСМ Аксана Акуцёнак, ветэраны звяртаюцца па тэлефоне, пакідаюць свае каардынаты, і за два-тры дні знаходзяцца жадаючыя ім дапамагчы. Увогуле, гарачая лінія дапамогі працуе пастаянна, але месяц назад, калі ў мясцовай газеце была змешчана аб'ява аб тым, што працуе гарачая лінія, колькасць заявак значна павялічылася.

Маладыя людзі выконваюць даволі вялікія аб'ёмы работ. У асноўным дапамагаюць ветэранам дзяўчаты, паколькі спецыфіка работ адпаведная: мыццё вокнаў, падлогі, фіранак - адным словам, садзейнічанне ў навядзенні поўнага парадку.

Падчас акцыі члены арганізацыі дапамаглі Дзіне Аляксандраўне Гарачавай, Ніне Нікіфараўне Мысліўцавай, Тамары Фёдараўне Пёрышкінай - яны былі самымі першымі, хто звярнуўся на гарачую лінію дапамогі ў перадсвяточныя тыдні - і іншым ветэранам.

Абсалютна ўсе ветэраны, з якімі працавалі юнакі і дзяўчаты, тэлефануюць зноў і выказваюць шчырыя словы падзякі. Для моладзі такая магчымасць дапамагчы з'яўляецца добрым сацыяльным вопытам. Самае галоўнае, што моладзь адчувае жаданне дапамагаць на валанцёрскай аснове, падкрэсліла Аксана Акуцёнак. А гэта, у сваю чаргу, выхоўвае грамадзянска-патрыятычныя якасці, павагу да старых людзей. Дапамога па гаспадарцы - гэта тое нямногае, што моладзь можа зрабіць для ветэранаў дзеля таго, каб выказаць сваю ўдзячнасць за іх подзвіг у час Вялікай Айчыннай вайны.

Марыя БАРДАШУН

 
© Настаўніцкая газета 2008